МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,
помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн. гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т.л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля́ пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал. гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял. Айч. вайну асн. частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.
Літ.:
Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.
У.М.Дзянісаў.
т. 10, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)